АДРЫЯТЫ́ЧНАЕ МО́РА
(італьян. Mare Adriatico),
паўзамкнёнае мора, частка Міжземнага мора, паміж Апенінскім і Балканскім п-авамі. Злучаецца з Іанічным м. пралівам Отранта (шыр. да 75 км). Абмывае берагі Італіі, Славеніі, Харватыі, Босніі і Герцагавіны, Югаславіі, Албаніі. Пл. 114 тыс. км². Найб. глыб. 1230 м. Усх. берагі гарыстыя, зах. нізінныя, месцамі лагунныя. Буйнейшыя залівы: Венецыянскі, Трыесцкі, Манфрэдонія. Каля ўсх. ўзбярэжжа Далмацінскія а-вы. Тэмпература вады на паверхні ў лютым 7—13 °C, у жн. 24—26 °C. Салёнасць 35—38‰. Прылівы няправільныя, паўсутачныя (да 1,2 м). Развіта рыбалоўства (сардзіны, скумбрыевыя). На шэльфе здабываюць нафту і газ. Галоўныя парты: Трыест, Венецыя (Італія), Рыека, Спліт, Дубраўнік (Харватыя), Дурэс, Влёра (Албанія). На ўзбярэжжы шмат курортаў.
т. 1, с. 137
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)